Транслітарацыя беларускіх арабскаграфічных тэкстаў ў кантэксце славянскай праблематыкі транслітарацыі
Матэрыял прыводзіцца паводле:
Г. Цыхун. Праблематыка транслітарацыі арабскаграфічных тэкстаў татараў Вялікага Княства Літоўскага ў кантэксце аналагічнай славянскай праблематыкі, у: ŁAPICZ, C., & KULWICKA-KAMIŃSKA, J. (2015). Tefsir Tatarów Wielkiego Księstwa Litewskiego. Teoria i praktyka badawcza, grant 12H12004181 Narodowego Programu Rozwoju Humanistyki 2012). Instytut Języka Polskiego Uniwersytetu Mikołaja Kopernika w Toruniu. Праект „Tefsir” http://www.tefsir.umk.pl/o,1,o-projekcie.html.
Ключавыя словы: тэфсір, графіка, транслітарацыя, ВКЛ, татары
Генадзь Цыхун, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы, і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, г. Мінск
Праблема транслітарацыі ці транскрыпцыі арабскаграфічных тэкстаў скіравана не толькі на рашэнне практычнай задачы – палегчыць знаёмства з унікальнымі запісамі, але дэманструе выразную спецыфіку на фоне выкарыстання іншых графічных сродкаў для запісу славянскіх тэкстаў. І гэта зразумела, бо нават на шляху да ўніфікацыі лацінскаграфічнай транслітарацыі беларускіх кірылічных тэкстаў да гэтага часу, нягледзячы на шматвяковае паралельнае выкарыстанне лацінкі, узнікаюць і патрабуюць абмеркавання шматлікія пытанні. Адны з іх маюць чыста лінгвістычны характар, іншыя выкліканы ўплывам пазалінгвістычных фактараў. Аб тым, што гэтая праблема мае агульнаславістычнае значэнне, сведчыць уключэнне яе ў свой час у праграму ІІІ Міжнароднага з’езда славістаў, які меўся адбыцца ў Белградзе ў 1939 г., але не адбыўся ў сувязі з нападам фашысцкай Германіі на Польшчу. Аднак апублікаваныя перад гэтым матэрыялы да з’езда змяшчаюць «Предлог Комисиjе Словенског института у Прагу о транслитерациjи ћирилице у латиницу», у тым ліку раздзел «Pro přepis písma běloruského»Белић 1939: 95–99 , дзе зроблена спроба прымяніць універсальныя крытэрыі пры транслітарацыі рознамоўных тэкстаў. Што датычыць пазалінгвістычных пытанняў, то яны часам больш цяжкавырашальныя, чым чыста лінгвістычныя Давідоўскі 2012а: 17–22; Давідоўскі 2012б: 358–367 . І гэта пры тым, што набор графічных сродкаў кірыліцы («гражданкі») і лацінкі вельмі блізкі, ва ўсякім разе непараўнальна бліжэйшы, чым у адносінах да арабскай графікі (як сцвярджае ў папярэдніх матэрыялах да дыскусіі Ч. Лапіч, «w tekstach muzulmańskich litewsko-polskich używa się około 38 grafemόw arabskich»). Таму зусім зразумелае імкненне ўдзельнікаў праекта выпрацаваць найбольш ўніверсальную і рацыянальную транслітарацыю тэкстаў тэфсіра на славянскія мовы. І ў гэтым плане вопыт вырашэння падобных задач на матэрыяле іншых графічных сістэм можа мець пэўнае значэнне.
Спачатку некалькі меркаванняў адносна асновы транслітарацыі тэфсіра – лацінскай і кірылічнай. З улікам адной з асноўных мэтаў праекта – зрабіць даступным для шырокіх навуковых колаў выключнай важнасці пісьмовую крыніцу татараў Вялікага Княства Літоўскага – выбар лацінскай транслітарацыі падаецца слушным рашэннем. Аднак калі мець на ўвазе строга лінгвістычны аспект даследавання мовы помніка, то тут другасная функцыя пісьма, а менавіта сімвалічная, якая выражаецца ў тым, што пісьмо служыць сімвалам прыналежнасці, свайго роду шыбалетамМарці 2010: 124 – у нашым выпадку аднясення да пэўнай складовай часткі змешанага маўлення, праблема, якая шырока прадстаўлена і абмяркоўваецца ў кітабістыцы – павінна брацца пад увагу. Напісанае лацінкай слова trawa ці адпаведна кірыліцай трава ў шэрагу падобных нейтральных у адносінах да моўнай прыналежнасці слоў стварае ўражанне пераважна польскага або беларускага тэкста. Таму з улікам існуючай у кітабістыцы традыцыі транслітарацыі арабскаграфічных тэкстаў як ў кірыліцу, так і ў лацінку трэба імкнуцца да выпрацоўкі такой сістэмы знакаў, якая б дазваляла канвертацыю як з лацінкі на кірыліцу, так і наадварот. Акрамя таго, нам падаецца, што сістэма транслітарацыі павінна адлюстроўваць асаблівасці індывідуальных рыс перапісчыкаў, характэрную графічную спецыфіку розных рукапісаў, і таму мы не прымаем папрок П. Сутэра адносна таго, што «Лапіч зайшоў занадта далёка ў дыферэнцыяцыі асобных спосабаў напісання»Suter 2004: 145; Сутэр 2009: 152 . Нярэдка такія, на першы погляд дробныя, асаблівасці даюць ключ для інтэрпрэтацыі іншых з’яў ці ўсяго тэксту.
У тыпалагічным плане з вядомых у славістыцы аналагаў перадачы славянскіх тэкстаў іншай (не славянскай) графікай, найбольш блізкай да арабскаграфічных запісаў сакральных і звязаных з імі тэматычна тэкстаў, з’яўляецца, на наш погляд, паўднёваславянская практыка перакладу на народную мову канфесійных і некаторых іншых тэкстаў, запісаных пры дапамозе грэчаскай азбукі. Падабенства тут не толькі ў тым, што запіс робіцца літарамі адной з «апостальскіх» хрысціянскіх моў і датычыць сакральных тэкстаў самага высокага рангу (евангельскіх), але і ў тым, што пераклад (тлумачэнне) даецца на жывую народную гаворку пэўнага рэгіёна – на своеасаблівае культурнае кайнэ, прынятае ў асяроддзі вернікаў. Цікавай для даследчыкаў з’яўляецца і геаграфічная прывязка гэтай традыцыі – паўднёвая Македонія і Фракія, г.зн. тэрыторыя, якая прымыкае да Еўрапейскай Турцыі, дзе падобная традыцыя «тлумачэння» сакральных ісламскіх тэкстаў вядомая даўно. Найбольш вядомыя і даследаваныя славянскія тэксты з ваколіц Салуні (г. Фесалонікі, Паўночная Грэцыя) і Радопаў: Кулакійскае евангелле на ніжневардарскай македонскай гаворцыMazon, Vaillant 1938 ; Тырліскае евангелле на ўсходнемакедонскай гаворцыМилетич 1920 ; Конікаўскае евангелле на ніжневардарскай гаворцыLindstedt, Spasov, Nuorluoto 2008 і іншыя. Акрамя названых сакральных тэкстаў існуе шэраг перакладаў запісаных грэчаскімі літарамі зборнікаў казанняў на мясцовых гаворках, размоўнікаў і іншых тэкстаў, шмат у чым аналагічных арабскаграфічым тэкстам беларускіх татараў. Цяжкасці ў перадачы славянскіх тэкстаў тут у нечым супрацьлеглыя праблемам, што ўзнікалі пры арабскарафічных запісах; як пісаў адзін з даследчыкаў радопскага «дамашкина» (зборніка царкоўных павучэнняў на народнай мове, ад імя прапаведніка Дамаскіна):
едно, че 24-те гръцки букви не са били достатъчни за изразяване всички
български звукове, и друго, че се е изисквало доволно време и труд за
да се намерят подходящи местни думи за някои черковни термини.
Константинов 1889: 138
Першая праблема вырашалася перадачай пры дапамозе адной грэчаскай літары двух гукаў; спалучэннем дзвюх грэчаскіх літар перадаваўся гук, адсутны ў грэчаскай мове; а грэчаскай ётай з дзвюма кропкамі над ёй перадаваўся й. Другую праблему перакладчыкі пры адсутнасці адпаведнага мясцовага слова вырашалі шляхам запазычання з грэчаскага арыгінала, або выкарыстаннем турцызма, вядомага ў гаворцы; радзей – запазычаннем са славянскага друкаванага тэкста Евангелля Неафіта РыльскагаКонстантинов 1889: 140 . Як бачым, падыходы шмат у чым аднолькавыя, з тым што ў перакладчыка («тлумачальніка») святой кнігі мусульман было больш графічных сродкаў для перадачы па-славянску яе зместу і адпаведных яго моўных звычак, у той час як на Балканах існаваў іх дэфіцыт. Менавіта «збыткоўнасць» арабскіх графічных сродкаў дазваляе перакладчыкам (перапісчыкам) перадаць некаторыя мясцовыя або індывідуальныя асаблівасці славянскага маўлення, што для даследчыка лінгвістычнага боку рукапісаў мае найбольшае значэнне, бо дазваляе тэрытарыяльна лакалізаваць яго ці выявіць уласцівыя жывой мове рысы або пабочныя ўплывы іншых пісьмовых крыніц.
Разам з тым колькасныя адносіны графічных сістэм вызначаюць пэўным чынам стратэгію публікацыі рукапісных помнікаў. Пры выкарыстанні меншай колькасці грэчаскіх графем у параўнанні са славянскімі інтэрпрэтатар славянскіх тэкстаў, пісаных грэчаскімі літарамі, вымушаны часцей звяртацца да транскрыпцыі, абапіраючыся на вядомыя яму асаблівасці вуснага маўлення, у тым ліку тых мясцовасцей, дзе паводле гістарычных звестак рабіўся пераклад, што ўносіць суб’ектыўныя моманты ў канчатковы варыянт славянскага тэкста. Якраз гэтыя моманты выклікалі палеміку пры публікацыі т.зв. костурскага слоўніка XVI ст. спачатку ў ПарыжыGiannelli, Vaillant 1958 , а пасля ў СафііНичев 1987 . Гутарка ідзе пра выяўлены ў рукапісным аддзеле Апостальскай бібліятэкі ў Ватыкане тэкст, дзе грэчаскімі літарамі запісаны некаторыя словы і выразы, характэрныя для мясцовай гаворкі ў ваколіцах г. Костур у паўночна-заходняй Грэцыі, а таксама пераклад іх па-грэчаску. Даследчыкі абодвух апублікаваных варыянтаў пішуць пра іх транскрыпцыю, паколькі запіс у транслітарацыі быў бы «нечытэльны», хаця ў многіх выпадках дакладна перадае мясцовае вымаўленне, напрыклад μάτζκα / мацка пры македонскім літаратурным мачка ‘котка’, хаця спалучэннем τζ перадаецца і ч. Аднак транслітарацыю υτήβιαγε без перакладу на грэчаскую мову і каментароў ідэнтыфікаваць з македонскім ди́в’е (дивjе) ‘дзікія жывёлы’ было б немагчыма. Дарэчы ў названых публікацыях тэксты прадстаўлены ў дзвюх розных транскрыпцыях – лацінкай і кірыліцай, што адпавядае даўняй міжнароднай славістычнай традыцыі.
Гэтай традыцыі прытрымліваюцца і рэдактары апошняй па часе і выкананай на сучасным навуковым узроўні публікацыі Конікаўскага евангелля. Публікацыя ажыццёўлена на аснове выяўленага ў Александрыі (Егіпет) у 2003 г. двухмоўнага рукапісу, у якім змешчаны тэкст евангелля, напісанага на народнай грэчаскай мове, з паралельным славянскім перакладам на македонскую гаворку. Грэчаскі пераклад быў апублікаваны ў 1710 г. Лацінская транскрыпцыя македонскага тэкста мае навуковы характар, паколькі ставіць мэту захаваць «наколькі гэта магчыма, большасць арыгінальных графемных асаблівасцей, якія маюць ці могуць мець важнае лінгвістычнае значэнне». Кірылічны варыянт македонскага тэксту выконвае азнаямляльную і культурніцкую функцыю, чым тлумачыцца, на думку рэдактараў, «змешаны» тып перадачы грэчаскага запісу. Вось іх тлумачэнне:
Ако беше применета единственно транслитерациjата, тогаш ќе се добиеше
«неразбирлив» текст составен од низа на букви. Затоа го прифативме
мешаниот принцип.
Lindstedt, Spasov, Nuorluoto 2008: 179
Такім чынам, з усяго сказанага вышэй выцякае, што на сакраментальнае пытанне дыскусіі: транслітарацыя ці транскрыпцыя? для арабскаграфічных тэкстаў перавагу мае першы адказ. Можна пагадзіцца з Ч. Лапічам:
Dlatego właśnie formy transliterowane muszą odzwierciedlać złożoność
grafii arabskiej, jej zmienność czasową i przestrzenną, różny stopień
językowego obeznania i intuicji językowej kopistów.
Łapicz 1986: 98
Што датычыць лацінскай ці кірылічнай транслітарацыі, то ў адносінах тэфсіра на гэтай стадыі даледавання перавагу мае лацінка, у той час як для іншых жанраў арабскаграфічных рукапісаў вядучай застаецца кірыліца. Аднак трэба мець на ўвазе, што polszczyzna kresowa татарскага тэфсіра не з’яўляецца моўнай сістэмай у поўным сэнсе гэтага слова, гэта т.зв. «прамежкавая мова»Selinker 1969 , якая можа мець пэўныя параметры, але не валодае «цвёрдым» узусам, бо дэманструе пастаяннае набліжэнне да індывідуальных уяўленняў пра нарматыўную польскую мову ў татарскіх перакладчыкаў і перапісчыкаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Як вядома, яшчэ ў другой палове XVI ст., «tak Tatarzy jak i Polacy we wzajemnych negocjacjach posługiwali się zwyczajnie ruszczyzną»Jurkowski 1989: 158 .
Бібліяграфія
БЕЛИЋ А. (ред.), 1939, ІІІ Међународни конгрес слависта (словенских филолога), Збирка одговора на питања, Београд: Издања Извршног одбора №1.
ДАВІДОЎСКІ П., 2012а, Перадача ўласных назваў лацінскімі літарамі на Беларусі і ў Польшчы: тэорыя і практыка, [у:] І. Багдановіч, С. Запрудскі (рэд.), Супольнасць традыцыі - садружнасць у будучыні, Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі, [Беларусіка = Albaruthenica, 34], Мінск: «Кнігазбор», с. 17–22.
ДАВІДОЎСКІ П., 2012б, Стаўленне да беларускай лацінкі нацыянальных дзеячоў, навукоўцаў і публіцыстаў, [у:] І. Багдановіч, С. Запрудскі (рэд.), Супольнасць традыцыі - садружнасць у будучыні, Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, 7 Праблематыка транслітарацыі тэкстаў татараў… гістарычныя і культурныя сувязі, [Беларусіка = Albaruthenica, 34], Мінск: «Кнігазбор», с. 358–367.
КОНСТАНТИНОВ Х.П., 1889, Материал за изучвание родопското наречие, «Сборник за народни умотворения, наука и книжнина» І, с. 133–156.
МАРЦІ Р., 2010, Алфавіт і правапіс – лінгвістычны і сімвалічны аспекты (кірылічнае пісьмо), [у:] С. Запрудскі, Г. Цыхун (рэд.), Мовазнаўства, Матэрыялы ІV Міжнароднага кангрэса беларусістаў, [Беларусіка = Albaruthenica, 30], Мінск: «Лімарыус», с. 124–139.
МИЛЕТИЧ Л., 1932, Три български евангелия с гръцко писмо на долновардарско наречие, «Македонски преглед» VIII, 2, с. 173– 177, 219–220.
НИЧЕВ А., 1987, Костурският българо-гръцки речник от XVI век, София: Университетско издателство «Климент Охридски». СУТЭР П., 2009, Альфуркан татарскі, Каран-тэфсір татараў Вялікага Княства Літоўскага, Мінск: «Тэхналогія».
GIANNELLI C., VAILLANT A., 1958, Un lexique macédonien du XVIe siècle, Paris: Institut d’études slaves.
JURKOWSKI M., 1989, Rutemizmy i orientalizmy w języku starosty tykocińskiego Łukasza Górnickiego, [w:] I. Maryniakowa, E. Smułkowa (red.), Studia językowe Białostocczyzny, Onomastyka i historia języka, t. 1, Warszawa: PWN, s. 151–159.
LINDSTEDT J., SPASOV Lj., NUORLUOTO J. (red.), 2008, The Konikovo Gospel = Кониково евангелие, Helsinki: Societas Scientarum Fennica.
ŁAPICZ Cz., 1986, Kitab tatarów litewsko-polskich (Paleografia. Gra fia. Język), Toruń: UMK.
MAZON A., VAILLANT A., 1938, L’evangeliare de Kulakia, un parler slave du Bas–Vardar, Paris.
SELINKER L., 1969, Language Transfer, «General Linguistics» 9, p. 67–92.
SUTER P., 2004, Alfurkan Tatarski, Der litauisch-tatarische Koran-Tefsir, Köln, Weimar, Wien: Böhlau Verlag.
Матэрыял прыводзіцца паводле:
Г. Цыхун. Праблематыка транслітарацыі арабскаграфічных тэкстаў татараў Вялікага Княства Літоўскага ў кантэксце аналагічнай славянскай праблематыкі, у: ŁAPICZ, C., & KULWICKA-KAMIŃSKA, J. (2015). Tefsir Tatarów Wielkiego Księstwa Litewskiego. Teoria i praktyka badawcza, grant 12H12004181 Narodowego Programu Rozwoju Humanistyki 2012). Instytut Języka Polskiego Uniwersytetu Mikołaja Kopernika w Toruniu. Праект „Tefsir” http://www.tefsir.umk.pl/o,1,o-projekcie.html.
Ключавыя словы: тэфсір, графіка, транслітарацыя, ВКЛ, татары
Генадзь Цыхун, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы, і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, г. Мінск
Рэзюмэ:
На фоне цяжкасцей, якія ўзнікаюць падчас транслітарацыі кірылічных тэкстаў лацінкай, транслітарацыя славянскіх арабаграфічных тэкстаў з'яўляецца значна больш складанай праблемай з тыпалагічнага пункту гледжання з-за розніцы ў графіцы і ў традыцыі напісання. У той жа час такая транслітарацыя павінна правільна перадаваць моўныя рысы, адлюстроўваць індывідуальныя асаблівасці кніжнікаў і спецыфіку розных рукапісаў. Большасць арабскаграфічных беларускіх дакументаў паспяхова перадае гэтыя рысы. Зваротны феномен назіраецца пры перадачы сакральных і іншых славянскіх тэкстаў, напісаных грэчаскім пісьменствам, праз меншую колькасць выкарыстаных знакаў. Такія тэксты, напрыклад, так званае Конікаўскае Евангелле, дэманструюць выкарыстанне «змешанага» рэжыму (транслітэрацыя + транскрыпцыя) у перадачы славянскага сакральнага тэксту, што адлюстроўвае асаблівасці паўднёва-македонскага дыялекту. Таксама ўвага звяртаецца на нестабільнасць так званага «прамежкавага» характару «беларуска-польскай» мовы ў татарскіх рукапісах.