Даследчык беларускіх кітабаў Антон Антановіч
Матэрыял прыводзіцца паводле:
М. Прыгодзіч. Даследчык беларускіх кітабаў Антон Антановіч. «Роднае слова», чэрвень 2010, стст. 35–36.
Тэгі: «пачынальнікі», «мовы рысы непаўторныя»
Мікалай ПРЫГОДЗІЧ, доктар філалагічных навук
У сучаснай лінгвістыцы яго імя
Антон Канстанцінавіч Антановіч, даследчык беларускіх арабскіх тэкстаў асацыіруецца найперш з арабскаграфічнымі помнікамі беларускага пісьменства. І прыход яго да арабістыкі сёння можа ўспрымацца зусім не выпадковым, бо родам ён з вёскі Казлы – той часткі Нясвіжчыны, што суседнічае з татарскімі слабодкамі Арда, Даматканавічы. Ці не тут у гады дзяцінства ён і пазнаёміўся ўпершыню са словамі і паняццямі татарскага побыту, якія былі аднолькава зразумелыя і для беларусаў, і для нашчадкаў першых іншаверцаў з Залатой Арды, што з часоў Вітаўта сяліліся ў Вялікім княстве Літоўскім…
Антон Канстанцінавіч Антановіч нарадзіўся 6 чэрвеня 1910 г. у беднай сялянскай сям’і. Рана зведаўшы цяжкую фізічную працу і жыццёвыя нягоды, ён у падлеткавым узросце трапіў у Вільню, дзе ў 20-я гг. ХХ ст. дзейнічалі шматлікія беларускія асветніцкія гурткі. Настойліва займаўся самаадукацыяй, што дазволіла паступіць у тэхнічнае вучылішча, хоць пасля яго заканчэння ў 1932 г. знайсці работу па спецыяльнасці не ўдалося. Давялося папрацаваць і чорнарабочым на будоўлі, і дыспетчарам на чыгуначнай станцыі, і настаўнікам пачатковай школы на Ашмяншчыне, нарэшце – супрацоўнікам беларускага музея ў Вільні. У 1944 г. пры Віленскай мужчынскай гімназіі здаў экстэрнам экзамен на атэстат сталасці. Пасля службы ў арміі (1944 – 1945) паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Вільнюскага дзяржаўнага універсітэта. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, пачаў працаваць у рукапісным аддзеле навуковай бібліятэкі універсітэта, дзе сур’ёзна захапіўся дзелавым беларускім пісьменствам ХV – XVII стст. Вынікам карпатлівай навукова-даследчай працы сталі грунтоўныя артыкулы “Вопросы фонетики белорусского актового языка XVI в. По материалам судебной (актовой) книги Каунасского земского суда 1566 – 1567 гг.” (1960, 28 с.) і “Графика и орфография судебной (актовой) книги Каунасского земского суда 1566 – 1567 гг.” (1961, 13 с.), якія склалі аснову кандыдацкай дысертацыі, паспяхова абароненай у 1961 г. Дарэчы, у беларускім мовазнаўстве гэта было першае манаграфічнае даследаванне канкрэтнага помніка старажытнага пісьменства – скарапіснага рукапісу аб’ёмам 237 старонак вялікага фармату.
Актавая кніга Ковенскага земскага суда 1566 – 1567 гг. для разгляду была ўзята невыпадкова. У ёй зафіксаваны 721 запіс рознага зместу – скаргі і заявы жыхароў пра пабоі і рабаўніцтвы, крадзяжы, самавольныя захопы маёмасці і зямельных надзелаў, ёсць нават паведамленне пра спаленне жанчыны на вогнішчы за вядзьмарства і інш. Аналіз графікі, фанетыкі, марфалогіі і лексікі паказаў, што мова гэтых дакументаў з’яўляецца традыцыйнай, характэрнай і для іншых помнікаў таго часу. Аднак шырокую вядомасць Антону Антановічу прынесла манаграфія “Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система” (Вільнюс, 1968), абароненая ў 1969 г. у якасці доктарскай дысертацыі. За кароткі час гэтая праца атрымала ажно 7 навуковых водгукаў у розных славістычных выданнях Беларусі, Польшчы, Расіі, тагачаснай Чэхаславакіі, а яе аўтар стаў адным з найбольш прызнаных даследчыкаў твораў арабскаграфічнай літаратуры – так званых кітабаў.
Увогуле, першым, хто звярнуў увагу на кітабы, быў нямецкі ўсходазнавец Г. Флейшар, які, можна меркаваць, не ведаў ні пра беларуска-літоўскіх татараў, ні пра пісьменства на беларускай мове (адшуканы хамаіл ён змясціў у каталогу ўсходніх рукапісаў). Першаадкрывальнікам жа татарска-мусульманскай літаратуры на беларускай і польскай мовах варта лічыць Антонія Мухлінскага, які ўпершыню звярнуў увагу на існаванне ў татар Беларусі і Літвы значнай колькасці пісьмовых дакументаў (узоры гэтай літаратуры ён надрукаваў у Вільні ў 1857 г.). У друку з таго часу неаднойчы згадваліся татарскія рукапісы (В. Вольскі, І. Крачкоўскі, Я. Станкевіч і інш.), аднак пераважна гэта былі працы папулярнага характару, што прызначаліся для шырокага кола чытачоў.
Грунтоўнае навуковае даследаванне беларускіх кітабаў пачалося толькі ў другой палове ХХ ст., і безумоўны прыярытэт у гэтай справе належыць Антону Антановічу. Дзякуючы руплівай працы ў архівах, бібліятэках, музеях, прыватных кнігазборах, сувязям з вучонымі Казані, Санкт-Пецярбурга, Кракава, Лейпцыга, Варшавы, Вроцлава вучоны адшукаў 24 вядомыя і невядомыя датуль рукапісы татарска-мусульманскага пісьменства XVII – пачатку ХХ ст. і даў ім усебаковае апісанне. У жанравых адносінах сярод гэтых рукапісаў пераважаюць хамаілы (дапаможнікі для мусульманскіх святароў), кітабы (зборнікі апавяданняў пра жыццё і дзейнасць Магамета і яго паплечнікаў, біблейскіх легендаў, апісанняў абрадаў, рытуалаў і абавязкаў мусульман, рыцарскіх і прыгодніцкіх аповесцей і інш.), тэфсіры (тэксты Карана на арабскай мове з падрадковым перакладам на беларускую мову). Даследчык адшукаў і прааналізаваў беларуска-турэцкі слоўнік (каля 1836 г.), які прызначаўся для асоб, што збіраліся выехаць у Турцыю, а таксама дзелавы дакумент 1759 г. на польскай мове, але са шматлікімі беларускімі асаблівасцямі. Антон Антановіч у манаграфіі ўпершыню прывёў дакладныя звесткі пра месцы захоўвання арабскаграфічных рукапісаў, раскрыў гісторыю паходжання, выказаў меркаванні пра час і месца іх узнікнення, вытлумачыў змест тэкстаў, ахарактарызаваў аб’ём і стан захаванасці кожнага помніка. Упершыню ў навуковай практыцы ён распрацаваў сістэму транслітарацыі арабскага пісьма ў сучаснае беларускае. Варта адзначыць, што зрабіць гэта было надзвычай няпроста, бо тэксты ствараліся на розных тэрыторыях, і часта для перадачы аднаго і таго ж гука выкарыстоўваліся розныя графемы, увогуле сустракаюцца дыякрытычныя і радковыя знакі, якія не мелі самастойнага гукавога значэння. Лінгвістычны аналіз помнікаў выявіў і такую нечаканую асаблівасць іх, як намнога большую ступень дакладнасці адлюстравання фанетычных з’яў беларускай мовы (аканне, рознае вымаўленне гука [г], асімілятыўная мяккасць асобных зычных гукаў) сродкамі арабскай графікі, чым тагачаснай кірыліцы. Беларускія арабскаграфічныя помнікі засведчылі шырокае адлюстраванне ў іх многіх асаблівасцей рэгіянальных гаворак, у складзе гэтых рукапісаў ёсць тэксты польскія, сербскія, а таксама цюркскія і арабскія, якія могуць з поспехам выкарыстоўваць не толькі славісты, але і ўсходазнаўцы. Сваё даследаванне А. Антановіч разглядаў “як пачатак той велізарнай працы, якую яшчэ трэба будзе правесці ў будучым”, ён не беспадстаўна выказваў надзею, што “праца выкліча цікавасць да вывучаемых тэкстаў навуковай грамадскасці і што яны зоймуць належнае месца сярод іншых помнікаў беларускай мовы”. Так яно ў далейшым і атрымалася.
З лёгкай рукі Антона Антановіча сталі вывучацца ўсё новыя і новыя беларускія кітабы, уводзіцца ў навуковы зварот іншыя помнікі беларускага пісьменства. Вучоны стаў частым госцем у акадэмічным Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, а яго кватэра ў Вільнюсе была гасцінным прыстанкам для беларускіх навукоўцаў. Як навуковага кіраўніка сваіх кандыдацкіх дысертацый сёння А. Антановіча з удзячнасцю ўспамінаюць член-карэспандэнт НАН Беларусі прафесар А. Булыка і дэкан філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава дацэнт В. Несцяровіч, іншыя вядомыя навукоўцы, якія выкарыстоўвалі унікальныя здабыткі даследчыцкай працы і багатую бібліятэку вучонага. Не так многа гадоў было адведзена лёсам Антону Канстанцінавічу Антановічу. Памёр ён 27 снежня 1980 г. На творчым рахунку вучонага толькі 11 навуковых публікацый, але кожная з іх – вынік руплівай працы і няспынных пошукаў, яскравае сведчанне яго жыццёвага прынцыпу: ісці ў навуцы няторанымі сцежкамі.
Спіс літаратуры
- Вольскі, В. Наконт нацыянальнай літаратуры беларускіх татар / В. Вольскі // Узвышша. – 1927. – № 8-9.
- Германовіч, І. К. Антановіч Антон Канстанцінавіч /
- І. К. Германовіч // Беларускія мовазнаўцы : у 2 т. / склад., прадм. М. Р. Прыгодзіча, І. С. Роўды. – Мінск, 2006. – Т. 1.– С. 12 – 16.
- Канапацкі, І. Б. Гісторыя і культура беларускіх татар / І. Б. Канапацкі, А. І. Смолік. – Мінск, 2000.
- Мухлинский, А. Исследования о происхождении и состоянии литовских татар / А. Мухлинский. – СПб., 1857.
- Несцяровіч, В. І. Старажытныя рукапісы беларускіх татар / В. І. Несцяровіч. – Віцебск, 2003.
- Станкевіч, Я. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом / Я. Станкевіч. – Вільня, 1933.
- Тондзель, М. Ішоў няторанымі сцежкамі / М. Тондзель // ЛіМ. – 1982. – 19 лют.
- Lapicz, Cz. Kitab tatarόw litewsko-polskich (paleografia, grafika, język) / Cz. Lapicz. – Toruń, 1986.
Матэрыял прыводзіцца паводле:
М. Прыгодзіч. Даследчык беларускіх кітабаў Антон Антановіч. «Роднае слова», чэрвень 2010, стст. 35–36.
Тэгі: «пачынальнікі», «мовы рысы непаўторныя»
Мікалай ПРЫГОДЗІЧ, доктар філалагічных навук